Revolver
| Revolver | |
|---|---|
| | |
| музычны альбом The Beatles | |
| Дата выпуску | 5 жніўня 1966 |
| Жанр | рок-музыка, рок-н-рол, псіхадэлічны рок і прагрэсіўны рок |
| Працягласць | 2 080 с |
|
|
|
«Revolver» — сёмы студыйны альбом рок-гурта «The Beatles», выпушчаны 5 жніўня 1966 года. У храналогіі амерыканскіх выданняў, якія рыхтуюцца кампаніяй Capitol Records, Revolver быў адзінаццатай кружэлкай гурта, выдадзенай у ЗША 8 жніўня 1966 года. У амерыканскае выданне не ўвайшлі песні «I'm Only Sleeping», «And Your Bird Can Sing» і «Doctor Robert», ужо выпушчаныя 20 чэрвеня 1966 года ў альбоме «Yesterday and Today». Адначасова з кружэлкай «Revolver» у продаж паступіў сінгл «Yellow Submarine» / «Eleanor Rigby».
Гурт распачаў студыйную працу 6 красавіка, пачаўшы з запісу песні «Tomorrow Never Knows». Апошняй для альбома «Revolver» была створана «She Said She Said». Усе кампазіцыі запісваліся ў студыі Эбі-Роўд у Лондане. Музычным прадзюсарам і гукарэжысёрам, як і ў папярэдніх работах «The Beatles», быў Джордж Марцін, а новым гукааператарам стаў Джэф Эмерык. Да запісу некалькіх песень былі прыцягнуты пабочныя музыканты: струнны ансамбль для музычнага суправаджэння «Eleanor Rigby»; Аніл Бхагват, які сыграў на барабанах табла для песні «Love You To»; валтарніст Алан Сівіл, які прыняў удзел у запісе «For No One»; трое трубачоў і двое саксафаністаў для выканання партыі духавых інструментаў у песні «Got to Get You into My Life».
Неўзабаве пасля жнівеньскага рэлізу ў 1966 годзе альбом узначаліў хіт-парады і ўтрымліваў першую пазіцыю на працягу сямі тыдняў у Вялікабрытаніі і на працягу шасці тыдняў у ЗША. Крытыкамі было адзначана наватарства «The Beatles»: новыя метады гуказапісу, эксперыменты з музычнымі стылямі, пашырэнне тэматыкі тэкстаў песень. Revolver з прыкметным пастаянствам залічваўся ў розныя спісы лепшых запісаў ХХ стагоддзя, зазнаў мноства перавыданняў, на песні з гэтага альбома створана больш за 270 кавер-версій. Паводле Амерыканскай асацыяцыі гуказапісных кампаній альбом неаднаразова сертыфікаваны як мультыплацінавы.
Запіс
[правіць | правіць зыходнік]
Згодна з усталяванай практыкай «турнэ — фільм — запіс — турнэ» ўдзельнікам калектыва належала ў пачатку 1966 года пачаць працу над новым фільмам, але яны ніяк не прыходзілі да згоды наконт сюжэту і нават тэмы карціны[1]. У выніку было вырашана парушыць усталяваны графік, праца над меркаваным фільмам так і не была пачата. Завяршыўшы сваё брытанскае турнэ, гурт з красавіка 1966 года паглыбіўся ў студыйную працу над новым альбомам. Запіс матэрыялу доўжыўся амаль тры месяцы — з 6 красавіка па 22 чэрвеня[2]. Як і раней, музыканты працавалі ў студыі «Эбі-Роўд» у Лондане — хаця, паводле Пола Мак-Картні, альбом спачатку збіраліся запісваць у Амерыцы, але прапанаваныя цэны за арэнду і абсталяванне былі «фантастычнымі», да таго ж тэрмін іх кантракта з гуказапіснай кампаніяй EMI мінаў толькі ў чэрвені 1966 года[3].
Музыканты
[правіць | правіць зыходнік]Акрамя песень, напісаных у сааўтарстве Ленанам і Мак-Картні, у альбоме прадстаўлены тры новыя кампазіцыі Джорджа Харысана, а Рынга Стару было даверана заспяваць песню «Yellow Submarine», напісаную адмыслова для яго. За гуказапіс адказвалі прадзюсар Джордж Марцін і гукааператар Джэф Эмерык. Таксама для запісу асобных кампазіцый былі запрошаны прафесійныя музыканты: струнны ансамбль для музычнага суправаджэння «Eleanor Rigby»; Аніл Бхагват, які сыграў на барабанах табла для песні «Love You To»; валтарніст Алан Сівіл, які прыняў удзел у запісе «For No One»; трое трубачоў і двое саксафаністаў для выканання партыі духавых інструментаў у песні «Got to Get You into My Life». Акрамя таго, у запісе прыпева «Yellow Submarine» прынялі ўдзел: канцэртны менеджар гурта Ніл Аспінал, яго памочнік Мэл Эванс, прадзюсар Джордж Марцін, Донаван, Паці Харысан, гукааператар Джэф Эмерык, Браян Джонс, Марыяна Фейтфул і шафёр Альф Бікнел[4].
Музычныя інструменты
[правіць | правіць зыходнік]
Акрамя асноўных для гурта гітары, бас-гітары і ўдарнай устаноўкі, таксама выкарыстоўваліся струнныя, духавыя і іншыя інструменты. З перкусіі не раз прымяняліся ў запісе некалькіх кампазіцый бубен і маракасы. У песні «Taxman» можна пачуць сенсера. У запісе «Love You To» Джордж Харысан грае на сітары, які быў ім упершыню выкарыстаны яшчэ ў працы над «Norwegian Wood» для альбома Rubber Soul. Апрача сітара, у запісе гучаць індыйскія барабаны табла[5].
Найбольшая інструментальная разнастайнасць характэрна для песень Пола Мак-Картні. Для «Got to Get You into My Life» ён пажадаў запісаць партыю духавых музычных інструментаў, і прадзюсар запрасіў траіх трубачоў і дваіх саксафаністаў. У той жа песні «Got to Get You into My Life» гучыць арган Хаманда, на якім сыграў Джордж Марцін. Для запісу «Eleanor Rigby» давялося наняць струнны ансамбль. А ў песні «For No One» Полу хацелася, каб гучала валторна, што і было ажыццёўлена. Акрамя валторны, была запісана партыя фартэпіяна, на якім граў сам Мак-Картні. Для «Good Day Sunshine» на фартэпіяна граў Джордж Марцін.
Інавацыі гуказапісу
[правіць | правіць зыходнік]Падчас працы над альбомам былі прыменены чатыры асноўныя інавацыі ў галіне гуказапісу[6]:
- Упершыню пры запісе быў ужыты метад «штучнага накладання» голасу (англ.: ADT — artificial double tracking), вынайдзены гукаінжэнерам кампаніі EMI Кенам Таўнсендам у красавіку 1966 года. Сутнасць прыёму заключалася ў тым, каб накладваць дзве дарожкі з адной і той жа вакальнай партыяй, не запісваючы яе двойчы. Апісаны метад, напрыклад, быў ужыты для запісу вакала Джона Ленана ў першай палавіне песні «Tomorrow Never Knows».
- Другім ключавым момантам было ўжыванне працэса запісу гука ў адваротным кірунку. Гэты прыём упершыню быў ужыты пры запісе песні «Rain» 14 красавіка 1966 года, якая была выдадзена ў якасці двухбаковага сінгла «Paperback Writer» / «Rain». У працы над альбомам Revolver гэты прыём быў ужыты ў кампазіцыях «I'm Only Sleeping» і «Tomorrow Never Knows».
- Трэцяй інавацыяй стала выкарыстанне склееных у кольцы магнітафонных стужак (англ.: Tape loop) з запісанымі гукамі. Ідэя была прапанавана Полам Мак-Картні, які ўзяў яе з твораў нямецкага кампазітара Карлхайнца Штокхаўзена. У працы над «Tomorrow Never Knows» прымянялася пяць падобных кольцаў: першае з запісам крыкаў і смеху Пола Мак-Картні; другое з аркестравым акордам сі-бемоль мажор; трэцяе з гукамі флейты, атрыманымі пры дапамозе мелатрона; чацвёртае з гукамі скрыпак, атрыманымі пры дапамозе мелатрона; пятае са скажоным гукам сітара. Падобным метадам пазней дадалі гітарнае сола Пола Мак-Картні, запісанае для песні «Taxman». Сола было перавернута ў адваротным кірунку і запаволена.
- Чацвёртай асаблівасцю была тэхналогія запісу вакала пры дапамозе Леслі-спікера падчас вярчэння дынамікаў. Падобны прыём забяспечваў пульсаванне гучання. Гэты метад быў ужыты для запісу вакала Джона Ленана ў другой палавіне песні «Tomorrow Never Knows».
Храналогія
[правіць | правіць зыходнік]Красавік

- 6 красавіка — запіс трох дубляў рытм-трэка для песні «Tomorrow Never Knows» пад рабочай назвай «Mark I». Першы дубль быў пазней выдадзены ў 1996 годзе ў зборніку Anthology 2. Другі дубль быў няпоўным, а трэці лёг у аснову афіцыйнай версіі[7].
- 7 красавіка — у ходзе пяцігадзіннай студыйнай сесіі музыканты дадавалі гукавыя эфекты і лупы да выбранага ў якасці асноўнага трэцяга дубля песні «Tomorrow Never Knows»[7]. Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life»[8].
- 8 красавіка — завершана праца над рытм-трэкам песні «Got to Get You into My Life»[7]. Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life»[9].
- 11 красавіка — накладанне гітарнай партыі на рытм-трэк «Got to Get You into My Life»[7]. Таго ж дня пачаўся запіс «Got to Get You into My Life»[10]. Пачатак працы над песняй «Love You To». Падчас запісу першага дубля Джордж Харысан спяваў акампануючы сабе на акустычнай гітары, а Пол Мак-Картні выконваў партыю бэк-вакала. Трэцім дублем запісалі сітар, які таксама быў выкарыстаны ў шостым дублі, калі запісвалі барабаны табла, бас-гітару і фуз-гітару[11].
- 13 красавіка — завяршэнне працы над «Love You To». Харысан дадаў вакал, Стар запісаў партыю бубна[12].
- 17 красавіка — пачатак працы над песняй «Doctor Robert». Запісана 7 дубляў рытм-трэка, партыі маракасаў, фісгармоніі і фартэпіяна[13].
- 19 красавіка — заканчэнне запісу «Dr. Robert». Накладанне вакальнай партыі Джона Ленана[14].
- 20 красавіка — пачатак працы над песняй «And Your Bird Can Sing». Запісаны два дублі рытм-трэка. Затым былі дададзены вакал Джона Ленана, бэк-вакал Мак-Картні і Харысана, запісы бубна і партыя бас-гітары. Запісаная версія была адрынута, яе можна пачуць на зборніку Anthology 2[15]. Таго ж дня пачалася праца над песняй Джорджа Харысана «Taxman». Запісаны чатыры пробныя дублі[16].
- 21 красавіка — працягу працы над «Taxman». Запісана 11 дубляў, 10 з якіх — рытм-трэк[17].
- 22 красавіка — завяршэнне працы над «Tomorrow Never Knows». Накладанне партыі сітара, запісанай Джорджам Харысанам, і накладанне вакалу Джона Ленана, запісанага з выкарыстаннем Леслі-спікера[7]. Для песні «Taxman» Рынга Стар запісаў партыю сенсера[18].
- 26 красавіка — паўторны запіс рытм-трэка песні «And Your Bird Can Sing». З трынаццаці дубляў быў выбраны дзясяты. На яго наклалі ўжо запісаныя партыі вакалу і астатніх інструментаў[19].
- 27 красавіка — пачатак працы над «I'm Only Sleeping». Запісана 11 дубляў рытм-трэка[20].
- 28 красавіка — пачатак працы над «Eleanor Rigby». Запісана 14 дубляў у выкананні запрошанага струннага ансамбля. Затым быў запісаны вакал Пола Мак-Картні[21].
- 29 красавіка — запіс вакалу Джона Ленана для песні «I’m Only Sleeping»[22]. Запіс вакалу Пола Мак-Картні і бэк-вакалу ў выкананні Ленана і Харысана для песні «Eleanor Rigby»[23].
Май

- 5 мая — на працягу пяцігадзіннай начной сесіі Джордж Харысан запісаў гітарнае сола для песні «I’m Only Sleeping», якое гучыць у песні ў адваротным кірунку паводле задумы музыкантаў. Адзін з двух дубляў быў запісаны з прымяненнем фуз-эфекта[24].
- 6 мая — завяршэнне працы над «I'm Only Sleeping». Запіс бэк-вакалу Ленана, Мак-Картні і Харысана[25].
- 9 мая — пачатак працы над песняй «For No One». Запісана дзесяць дубляў рытм-трэка: Пол Мак-Картні граў на фартэпіяна, а Рынга Стар на ўдарнай устаноўцы. У апошнюю чаргу запісалі клавікорд і перкусію[26].
- 16 мая — працяг працы над «For No One». Дадаванне вакалу Пола Мак-Картні[27]. Дададзены адлік у пачатку песні «Taxman» і трэк зведзены ў монаверсію[28].
- 18 мая — праца над песняй «Got to Get You into My Life». Дадаванне партыі медных духавых музычных інструментаў, вакалу, бэк-вакалу і гітарнага сола[29].
- 19 мая — запіс партыі валторны пры ўдзеле Алана Сівіла для песні «For No One»[30].
- 26 мая — пачатак працы над «Yellow Submarine». «The Beatles» патрацілі амаль тры гадзіны, рэпетуючы песню, а затым запісалі чатыры дублі. Затым былі запісаны вакал Рынга Стара і бэк-вакал[31].
Чэрвень
- 1 чэрвеня — працяг працы над «Yellow Submarine». Накладанне гукавых эфектаў[31].
- 2 чэрвеня — пачатак працы над песняй «I Want to Tell You». Запісана пяць дубляў рытм-трэка, уключна з фартэпіяна, ударнымі і гітарамі. Трэці дубль аказаўся лепшым, і на яго наклалі вакал Джорджа Харысана, бэк-вакал Ленана і Мак-Картні, запісы бубна, маракасаў, воплескі і яшчэ фартэпіяна[32].
- 3 чэрвеня — працяг запісу «I Want to Tell You». Накладанне партыі бас-гітары, бо Пол граў на фартэпіяна падчас запісу рытм-трэка[33].
- 6 чэрвеня — завяршэнне працы над «Eleanor Rigby». Пол Мак-Картні запісаў яшчэ адну вакальную партыю для песні[34].
- 8 чэрвеня — пачатак працы над «Good Day Sunshine». «The Beatles» шмат разоў рэпетавалі, перш чым запісаць рытм-трэк — бас-гітару, фартэпіяна і ўдарныя — у тры дублі. Першы дубль аказаўся лепшым, і на яго наклалі вакал Пола і бэк-вакал Джона і Джорджа[35].
- 9 чэрвеня — працяг працы над «Good Day Sunshine». Стар запісаў яшчэ ўдарных, Джордж Марцін сыграў сваё сола на фартэпіяна, затым дадалі яшчэ бэк-вакалу і воплескі ў далоні[36].
- 14 чэрвеня — пачатак працы над песняй «Here, There and Everywhere». Запісаны чатыры дублі, з якіх толькі апошні быў завершаны. Таго ж дня былі запісаны партыі гарманічнага вакалу пры ўдзеле Пола Мак-Картні, Джона Ленана і Джорджа Харысана[37].
- 16 чэрвеня — працяг працы над «Here, There and Everywhere». Запіс рытм-трэка. Агульная колькасць дубляў даведзена да трынаццаці. Апошні дубль прызнаны найлепшым, і на яго наклалі партыі гарманічнага вакалу, асноўны вакал Пола і запіс бас-гітары[38].
- 17 чэрвеня — завяршэнне працы над «Got to Get You into My Life». Фінальнае накладанне гітарнай партыі[39]. Завяршэнне працы над «Here, There And Everywhere»: праведзена двайное накладанне вакалу Пола Мак-Картні[40].
- 21 чэрвеня — праца над песняй «She Said She Said». На працягу дзевяцігадзіннай сесіі музыканты адрэпетавалі песню больш за 25 разоў, а затым запісалі тры дублі рытм-трэка. З іх быў выбраны трэці, да якога дадалі вакал Джона Ленана, бэк-вакал Ленана і Харысана, дадатковую партыю гітары і запіс аргана Хаманда, на якім сыграў Ленан. Пол Мак-Картні ў запісе не ўдзельнічаў[41]. Дададзена гітарнае сола Пола Мак-Картні ў песню «Taxman», запісанае яшчэ 21 красавіка[42].
Інфармацыя пра альбом
[правіць | правіць зыходнік]It’s just a name for an LP, and there’s no meaning to it. Why does everyone want a reason every time you move? It means Revolver. It’s all the things that Revolver means, because that’s what it means to us.
Як адзначае Бары Майлс у кнізе Many Years From Now, «Revolver азначае не зброю, а нешта, што круціцца, як пласцінка» (англ.: Revolver did not mean a gun, but something that revolves, like a record). Першапачаткова планавалася даць новаму запісу назву Abracadabra. У той жа кнізе апавядаецца, што 24 чэрвеня 1966 года, падчас абмеркавання назвы новага альбома, выказваліся прапановы азагаловіць пласцінку Pendulums, Fat Man або Bobby. Стар прапаноўваў назву After Geography, Ленан — Beatles on Safari, а Мак-Картні — Magic Circle. Нягледзячы на ўсе прапановы, у выніку альбом быў названы Revolver[43].
Афармленне вокладкі
[правіць | правіць зыходнік]Revolver быў другім альбомам пасля Rubber Soul, на вокладцы якога адсутнічала назва гурта. Афармленне даверылі Клаўсу Форману — мастаку, удзельніку гурта «Manfred Mann», з якім удзельнікі «The Beatles» пазнаёміліся яшчэ ў пачатку сваёй кар'еры, падчас выступаў у Гамбургу[44]. Вокладка ўяўляе сабой кампазіцыю з намаляваных ручкай партрэтаў Пола Мак-Картні, Джона Ленана, Джорджа Харысана і Рынга Стара. Паміж выявамі іх твараў знаходзіцца калаж, створаны з выразак фатаграфій «The Beatles», адзнятых раней Робертам Фрыманам і Робертам Уітакерам, які таксама працаваў у якасці фатографа пры стварэнні вокладак для ранніх запісаў гурта. За працу Форману заплацілі 40 фунтаў стэрлінгаў[43].
У 1967 годзе вокладка была ўганаравана прэміяй «Грэмі» ў намінацыі «Лепшая вокладка альбома, графічная работа» (Best Album Cover, Graphic Arts)[43].
У 2011 годзе вокладка альбома заняла 31-е месца ў спісе лепшых вокладак альбомаў усіх часоў паводле чытачоў інтэрнет-выдання Music Radar[45].
Музычны жанр
[правіць | правіць зыходнік]Як сказаў Джон Робертсан у сваёй кнізе «Поўны давденік па музыцы "The Beatles"», «Revolver паказаў, што "The Beatles" могуць брацца сапраўды за любы музычны жанр»[1]. Падобнае выказванне звязана з эксперыментальным характарам некаторых кампазіцый. Ва ўсіх песнях, напісаных пераважна Джонам Ленанам, крытыкамі адзначаецца наркатычная падаплёка. Напрыклад, Рычы Унтэрбергер у сваёй публікацыі на сайце «Allmusic» назваў «Tomorrow Never Knows» «самым эксперыментальным і псіхадэлічным трэкам альбома Revolver» (англ.: the most experimental and psychedelic track on Revolver)[46]. Музычныя жанры «псіхадэлічны рок» і «брытанская псіхадэлія» ўказаны сярод іншых на старонцы, прысвечанай альбому на тым жа сайце «Allmusic».
Пол Мак-Картні працягнуў жанравыя эксперыменты і запісаў «Got to Get You into My Life» у стылі псеўдасоўл[47]. Джон Робертсан піша, што «выразіўшы ў назве альбома Rubber Soul жаданне белых музыкантаў граць негрыцянскую музыку, Пол Мак-Картні ўсё ж не прамінуў прайсціся па папулярным у 1966 годзе кірунку соўл, напісаўшы гэтую выдатную кампазіцыю ў стылі "псеўдастакс" і дадаўшы фінальныя штрыхі ў выглядзе меднага гурта з пяці музыкантаў»[1]. Свой унёсак у стылявую разнастайнасць альбома ўнёс і Джордж Харысан. Запісаная ім «Love You To» лічыцца адной з першых кампазіцый, выкананых у жанры рага-рок, які зараджаўся ў сярэдзіне 1960-х гадоў[48].
Амаль праз пяць месяцаў пасля таго, як «The Beatles» запісалі фінальныя вакалы для чароўнай «I’m Looking Through You», музыканты вярнуліся ў студыю, каб стварыць троххвілінную кампазіцыю, якая апавядала пра смерць індывідуальнай свядомасці і трыумф сусветнага духу за мяжой быцця. Што ж здарылася ў перыяд паміж лістападам 65-га і красавіком 66-га?[1]
Тэматыка песень
[правіць | правіць зыходнік]Эксперыментуючы са стылямі, «The Beatles» надавалі ўвагу не толькі гучанню. Стала істотна разнастайнай і тэматыка песень. Джордж Харысан выступіў з сацыяльна-палітычнай сатырай у кампазіцыі «Taxman». У іншай сваёй песні «Love You To» Харысан выкарыстаў пераклады будыйскіх духоўных трактатаў, якія чытаў у тую пару[1]. У альбоме Revolver адзначаецца росквіт сачыніцельскай творчасці Пола Мак-Картні. У адной са сваіх лепшых песень «Eleanor Rigby» ён закранае тэму адзіноты. Джон Ленан напісаў тэкст «Tomorrow Never Knows» паводле кнігі «Псіхадэлічны эксперымент» Тымаці Ліры, Рычарда Олперта і Ральфа Мецнера, заснаванай у сваю чаргу на тэксце «Тыбецкай кнігі мёртвых». А вядомая песня «Yellow Submarine» апавядае пра жыццё ўнутры жоўтай падводнай лодкі.
Скандальная заява Джона Ленана
[правіць | правіць зыходнік]У сакавіку 1966 года Ленан у інтэрв'ю лонданскай газеце Evening Standard абраніў неасцярожную фразу, сказаўшы наступнае:
Хрысціянства сыдзе. Яно знікне і ўсохне. Не трэба спрачацца; я маю рацыю, і будучыня гэта дакажа. Цяпер мы папулярнейшыя за Ісуса; я не ведаю, што знікне раней — рок-н-рол ці хрысціянства. Ісус быў нішто сабе, але яго паслядоўнікі неразумныя і пасрэдныя. І менавіта іх скажэнні, на мой погляд, губяць хрысціянства.Арыгінальны тэкст (англ.)Christianity will go. It will vanish and shrink. I needn’t argue about that; I’m right and I will be proved right. We’re more popular than Jesus now; I don’t know which will go first — rock ’n’ roll or Christianity. Jesus was all right but his disciples were thick and ordinary. It’s them twisting it that ruins it for me.
У Вялікабрытаніі на гэтую фразу не звярнулі ўвагі, але калі праз пяць месяцаў словы Ленана пра тое, што «The Beatles» папулярнейшыя за Ісуса, былі змешчаны на вокладку амерыканскага часопіса Datebook, у ЗША разгарэўся скандал. На поўдні краіны, дзе жыхары вядомыя сваёй рэлігійнасцю, публічна спальвалі пласцінкі «The Beatles», радыёстанцыі перасталі трансляваць іх песні[49]. Нават у Ватыкане асудзілі заяву Ленана (у 2008 годзе Ватыкан дараваў музыканту, заявіўшы, што яго фразу можна расцэньваць як «востры жарт»[50]).
Пасля выхаду альбома Revolver гурту трэба было адправіцца ў канцэртны тур па Амерыцы. У сувязі з гэтым Браян Эпстайн намагаўся патлумачыць прэсе, што Ленан толькі выразіў здзіўленне наконт папулярнасці «The Beatles». Як бы то ні было, размах скандалу набываў пагрозныя памеры. Пачалі паступаць пагрозы ў адрас музыкантаў і іх сем'яў. У выніку Ленан пад ціскам з боку рэпарцёраў быў вымушаны папрасіць прабачэння за свае словы на прэс-канферэнцыі ў Чыкага 11 жніўня[49].
Я не казаў усяго таго, пра што кажуць так, быццам гэта казаў я. Мне сапраўды шкада, што я тады сказаў гэтую фразу. Я ніколі не меў на ўвазе нешта антырэлігійнае. Прашу прабачэння, калі гэта вас усцешыць. Мне дагэтуль не зразумела, што я такога зрабіў. Я намагаўся патлумачыць вам тое, пра што сапраўды казаў, але калі вы хочаце, каб я проста папрасіў прабачэння, і калі гэта зробіць вас шчаслівымі, тады добра, мне вельмі шкада[51].Арыгінальны тэкст (англ.)I was not saying whatever they’re saying I was saying. I’m sorry I said it really. I never meant it to be a lousy anti-religious thing. I apologise if that will make you happy. I still do not know quite what I've done. I've tried to tell you what I did do, but if you want me to apologise, if that will make you happy, then OK, I’m sorry.
Афіцыйнае выбачэнне Ленана ў многім паўплывала на прыглушэнне варожасці ў адносінах да гурта, а таксама на адмену запланаваных мерапрыемстваў па спальванні пласцінак «The Beatles» у Амерыцы[49]. Але ў выніку так і не ўдалося згладзіць усе наступствы. На працягу амерыканскага турнэ захоўвалася напружанасць, а канцэрты недалічваліся гледачоў. Напрыклад, на апошні выступ у Сан-Францыска было прададзена каля 25 000 квіткоў з 42 500 магчымых[52]. Скандал, акрамя таго, паўплываў на зніжэнне продажаў пласцінак гурта ў ЗША. Так, сінгл «Yellow Submarine» / «Eleanor Rigby», які выйшаў адначасова з альбомам Revolver, дасягнуў толькі другой пазіцыі ў амерыканскім хіт-парадзе Billboard Hot 100[53].
Продажы і пазіцыі ў хіт-парадах
[правіць | правіць зыходнік]Брытанскі рэліз альбома адбыўся 5 жніўня 1966 года. Праз тыдзень было распрададзена каля 300 000 копій і Revolver дасягнуў першай пазіцыі ў брытанскім хіт-парадзе, дзе заставаўся на працягу сямі тыдняў. Агульны тэрмін знаходжання ў хіт-парадзе склаў 34 тыдні[54]. Распаўсюджванне дыска ў Англіі ажыццяўлялася лэйблам Parlophone Records. Адначасова з альбомам у продаж паступіў двухбаковы сінгл «Yellow Submarine» / «Eleanor Rigby». У хіт-парады ён трапіў 11 жніўня і праз сем дзён дасягнуў першага месца[55].
У храналогіі амерыканскіх выданняў, якія рыхтуюцца кампаніяй Capitol Records, Revolver быў адзінаццатай пласцінкай гурта, выдадзенай у ЗША 8 жніўня 1966 года. Альбом узначальваў амерыканскія хіт-парады на працягу шасці тыдняў. Песні «I'm Only Sleeping», «And Your Bird Can Sing» і «Doctor Robert», якія не ўвайшлі ў амерыканскае выданне, трапілі ў альбом «Yesterday and Today», выпушчаны ў ЗША 20 чэрвеня 1966 года[56]. Як і ў выпадку з брытанскім выданнем, адначасова з альбомам у продаж паступіў сінгл «Yellow Submarine» / «Eleanor Rigby». Аднак у амерыканскім хіт-парадзе Billboard Hot 100 ён дасягнуў толькі другога радка, што было звязана са скандаламі, якія ўзняліся ў Амерыцы ў сувязі з першапачатковай «мясніцкай» вокладкай (англ.: 'Butcher' cover) пласцінкі Yesterday and Today і фразай Джона Ленана аб тым, што «The Beatles» «папулярнейшыя за Ісуса» (англ.: We’re more popular than Jesus now)[53].
Паводле Амерыканскай асацыяцыі гуказапісных кампаній альбом Revolver неаднаразова сертыфікаваны як мультыплацінавы[57].
Альбом дагэтуль займае высокую пазіцыю ў хіт-парадзе Billboard Hot 200[58].
Уплыў на папулярную культуру
[правіць | правіць зыходнік]На ўсе кампазіцыі з альбома Revolver было створана каля 270 кавер-версій[59][60]. Акрамя таго, песні альбома неаднаразова выкарыстоўваліся ў саўндтрэках да многіх фільмаў і тэлесерыялаў[61]. Упершыню кампазіцыі «Yellow Submarine», «Eleanor Rigby» і «Love You To» прагучалі ў мультфільме «Жоўтая субмарына». У папулярным тэлевізійным серыяле «Сябры» песня «Here, There and Everywhere» граецца на стальных барабанах, калі адна з гераінь серыяла Фібі Буфе праходзіць паміж радамі царквы падчас яе вясельнай цырымоніі.
У гонар лірычнага персанажа песні «Eleanor Rigby» на вуліцы Стэнлі Стрыт у Ліверпулі ў 1982 годзе быў усталяваны помнік. На шыльдзе побач са статуяй быў змешчаны надпіс: «Eleanor Rigby. "All the lonely people"» (з англ. — «Элінар Рыгбі. "Усім адзінокім людзям"»).
Джэф Эмерык, гукааператар «The Beatles», азагаловіў свае мемуары пра перыяд працы з гуртом — «Тут, там і паўсюль: мая студыйная праца з "The Beatles"» (англ.: Here, There, and Everywhere: My Life Recording the Music of The Beatles)[62]. Кніга названа ў гонар аднайменнай песні «Here, There and Everywhere».
У 1960-х гадах будучы нобелеўскі лаўрэат Іосіф Бродскі пераклаў песню «Yellow Submarine» для піянерскага часопіса «Костёр». У адным са сваіх інтэрв'ю, апублікаваным пазней у кнізе Саламона Волкава «Диалоги с Иосифом Бродским», Бродскі казаў, што «тэксты, напісаныя Джонам Ленанам і Полам Мак-Картні, абсалютна выдатныя»[63].
Песні з альбома Revolver неаднаразова выкарыстоўваліся ў радыёперадачы «Аэростат». Першай песняй, якую Барыс Грабеншчыкоў уключыў у дэбютным выпуску радыёпраграмы 22 мая 2005 года, была «I’m Only Sleeping»[64]. У кастрычніцкай перадачы 2005 года, прысвечанай Джону Ленану, выкарыстоўвалася кампазіцыя «Tomorrow Never Knows»[64]. У радыёпраграме, прымеркаванай да дня нараджэння Джорджа Харысана, гучала песня «Love You To»[65]. У 57-м выпуску, прымеркаваным да дня нараджэння Пола Мак-Картні, былі выкарыстаны аўдыёзапісы «Eleanor Rigby» і «For No One»[66].
Спіс кампазіцый
[правіць | правіць зыходнік]Брытанскае выданне
[правіць | правіць зыходнік]| Бок А | |||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| № | Назва | Вакал | Працягласць | ||||||
| 1. | «Taxman» (*) | Джордж Харысан | 2:36 | ||||||
| 2. | «Eleanor Rigby» | Пол Мак-Картні | 2:11 | ||||||
| 3. | «I'm Only Sleeping» | Джон Ленан | 2:58 | ||||||
| 4. | «Love You To» (*) | Джордж Харысан | 3:00 | ||||||
| 5. | «Here, There and Everywhere» | Пол Мак-Картні | 2:29 | ||||||
| 6. | «Yellow Submarine» | Рынга Стар | 2:40 | ||||||
| 7. | «She Said She Said» | Джон Ленан | 2:39 | ||||||
| 18:33 | |||||||||
| Бок В | |||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| № | Назва | Вакал | Працягласць | ||||||
| 1. | «Good Day Sunshine» | Пол Мак-Картні | 2:08 | ||||||
| 2. | «And Your Bird Can Sing» | Джон Ленан | 2:02 | ||||||
| 3. | «For No One» | Пол Мак-Картні | 2:03 | ||||||
| 4. | «Doctor Robert» | Джон Ленан | 2:14 | ||||||
| 5. | «I Want to Tell You» (*) | Джордж Харысан | 2:30 | ||||||
| 6. | «Got to Get You into My Life» | Пол Мак-Картні | 2:31 | ||||||
| 7. | «Tomorrow Never Knows» | Джон Ленан | 3:00 | ||||||
| 16:28 | |||||||||
Амерыканскае выданне
[правіць | правіць зыходнік]| Бок А | |||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| № | Назва | Вакал | Працягласць | ||||||
| 1. | «Taxman» | Джордж Харысан | 2:39 | ||||||
| 2. | «Eleanor Rigby» | Пол Мак-Картні | 2:07 | ||||||
| 3. | «Love You To» | Джордж Харысан | 3:01 | ||||||
| 4. | «Here, There and Everywhere» | Пол Мак-Картні | 2:25 | ||||||
| 5. | «Yellow Submarine» | Рынга Стар | 2:40 | ||||||
| 6. | «She Said She Said» | Джон Ленан | 2:37 | ||||||
| Бок В | |||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| № | Назва | Вакал | Працягласць | ||||||
| 1. | «Good Day Sunshine» | Пол Мак-Картні | 2:09 | ||||||
| 2. | «For No One» | Пол Мак-Картні | 2:01 | ||||||
| 3. | «I Want to Tell You» | Джордж Харысан | 2:29 | ||||||
| 4. | «Got to Get You into My Life» | Пол Мак-Картні | 2:30 | ||||||
| 5. | «Tomorrow Never Knows» | Джон Ленан | 2:57 | ||||||
Удзельнікі
[правіць | правіць зыходнік]
|
|
Выданні альбома
[правіць | правіць зыходнік]Даныя прыведзены паводле матэрыялаў сайта Discogs[67].
| Краіна | Дата | Лэйбл | Фармат | Каталог |
|---|---|---|---|---|
| 5 жніўня 1966 | Parlophone Records | LP (мона) | PMC 7009 | |
| LP (стэрэа) | PCS 7009 | |||
| 8 жніўня 1966 | Capitol Records | LP (мона) | T 2576 | |
| LP (стэрэа) | ST 2576 | |||
| 1966 | EMI | LP | 14C 062-04097 YEX 605 | |
| 1966 | Odeon Records HÖR ZU |
LP | SHZE 186 | |
| 1966 | EMI ITALIANA S.p.A. | LP | 3C 062-04097 3C 064-04097 | |
| 1966 | Odeon EMI France Odeon Records |
LP | 2C 062 04097 | |
| 1966 | Jugoton Records | LP | LSPAR-70760 | |
| 1966 | Odeon Records | LP (мона) | MT-1021 | |
| 1971 | Capitol Records | LP | ST-2576 | |
| 1973 | Apple Records World Record Club |
LP | PCSM 7009 WRC E.3114 | |
| 1973 | Apple Records | LP | AP-8443 | |
| 1976 | Toshiba EMI | LP | EAS-80556 | |
| 1978 | Capitol Records | LP | SW 2576 | |
| 1978 | Odeon EMI France Pathé Marconi EMI |
LP | 2C 066 — 04.097 2C 066-04097 | |
| 1987 | Capitol Records | CD | CDP 7 46441 2 | |
| 1987 | Capitol Records | LP | CLJ-46441 | |
| 1987 | Capitol Records | CD | C2 0777 7 46441 2 9 | |
| Еўропа | 1987 | Parlophone Records | CD | CDP 7 46441 2 |
| 1998 | Apple Records Parlophone Records Toshiba EMI |
CD | TOCP-51117 | |
| 2009 | Apple Records Parlophone Records |
CD | 0946 3 82417 2 0 |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 Джон Робертсон. Полный путеводитель по музыке The Beatles, часть 7, Revolver. (31 октября 2003 года).
- ↑ Revolver. The Beatles Bible. Page 1 (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Revolver. The Beatles Bible. Page 3 (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Yellow Submarine — The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Revolver. Credits (англ.). Сайт Allmusic. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Revolver. The Beatles Bible. Page 3 (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- 1 2 3 4 5 Tomorrow Never Knows. The Beatles Bible. Page 2 (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Got to Get You into My Life. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Got to Get You into My Life. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Got to Get You into My Life. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Love You To. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Love You To. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Doctor Robert. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Doctor Robert. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ And Your Bird Can Sing. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Taxman. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Taxman. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Taxman. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ And Your Bird Can Sing. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I'm Only Sleeping. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Eleanor Rigby. The Beatles Bible. Page 3 (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I'm Only Sleeping. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Eleanor Rigby. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I'm Only Sleeping. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I'm Only Sleeping. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ For No One. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ For No One. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Taxman. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Got to Get You into My Life. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ For No One. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- 1 2 Yellow Submarine — The Beatles Bible. Page 2 (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I Want to Tell You. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ I Want to Tell You. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Eleanor Rigby. The Beatles Bible. Page 3 (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Good Day Sunshine. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Good Day Sunshine. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Here There and Everywhere. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Here There and Everywhere. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Got to Get You into My Life. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Here There and Everywhere. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ She Said She Said. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- ↑ Taxman. The Beatles Bible (англ.). Праверана 2009.
- 1 2 3 4 Revolver. The Beatles Bible. Page 4 (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Полвека назад Revolver превратил рок-музыку в искусство. Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2022. Праверана 13 студзеня 2022.
- ↑ The 50 greatest album covers of all time (англ.). Music Radar. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 16 мая 2011.
- ↑ Рычы Унтэрбергер. Tomorrow Never Knows. Song Review (англ.). Сайт Allmusic. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Томас Уорд. Got to Get You into My Life. Song Review (англ.). Сайт Allmusic. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Філіп Блэч. Indo-Prog/Raga Rock definition (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- 1 2 3 Datebook republishes John Lennon's 'Jesus' comments. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Ватикан простил Леннона за сравнение The Beatles с Иисусом (руск.). Сайт Lenta.ru. Архівавана з першакрыніцы 3 мая 2010. Праверана 2009.
- ↑ John Lennon biography. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Live: Candlestick Park, San Francisco: The Beatles' final concert. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- 1 2 US single: Eleanor Rigby/Yellow Submarine. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ UK LP: Revolver. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ UK single: Eleanor Rigby/Yellow Submarine. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ US LP: Revolver. The Beatles Bible (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ RIAA — Gold & Platinum (англ.). Сайт RIAA. Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Billboard Hot 200. Chart. (англ.). Billboard Hot 200. Архівавана з першакрыніцы 13 снежня 2021. Праверана 22 лістапада 2022.
- ↑ Revolver на сайце covertogether.com (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Beatles Covers List (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Soundtrack (англ.). Сайт IMDb. Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Here, There, and Everywhere — Факты о песне (руск.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- ↑ Yellow Submarine — Факты о песне (руск.). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2011. Праверана 2009.
- 1 2 «АЭРОСТАТ» – цикл передач для Радио России. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2021. Праверана 20 мая 2021.
- ↑ «АЭРОСТАТ» – цикл передач для Радио России. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2021. Праверана 20 мая 2021.
- ↑ «АЭРОСТАТ» – цикл передач для Радио России. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2021. Праверана 20 мая 2021.
- ↑ Revolver at Discogs (англ.). Сайт Discogs. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2010. Праверана 2009.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Revolver на сайце Last.fm
- Revolver на сайце Discogs*
- Revolver* — інфармацыя пра альбом у "Бібліі The Beatles"
- Тэксты песень альбома Revolver
- Как «Револьвер» вышиб мозги американской молодежи // Взгляд, 5 жніўня 2021
| Revolver на Вікісховішчы |
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Revolver